Супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Ваўкавыску сябру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віталя Гуляка, які распаўсюджваў сярод жыхароў паштоўкі грамадскай кампаніі „Гавары праўду”.
Затрыманне адбылося ў адным з мікрараёнаў горада і ажыццяўлялася супрацоўнікамі праваахоўных органаў у цывільным на чале з кіраўніком Ваўкавыскай міліцыі. Віталя Гуляка прывезлі ў раённы аддзел унутраных спраў, дзе канфіскавалі больш шасцісот паштовак, узялі тлумачэнні і прынцыпова пратрымалі прадугледжаныя заканадаўствам тры гадзіны. Дэмакратычны актывіст не бачыць у сваіх дзеяннях парушэння грамадскага парадку:
– Няма ніякіх выбараў, палітыкі... проста сацыяльная акцыя. Яны павінны мне наадварот грамату даць, узнагароду, што я дапамагаю насельніцтву. У мяне ёсць нейкая праблема каля майго дома, я не ведаю адрас, я не ведаю механіз да каго звяртацца. А вось атрымаў паштоўку ў паштовую скрыню і напісаў сваё пытанне ў ЖКХ.
Кампанія „Гавары праўду” заснаваная ў лютым гэтага года вядомымі беларускімі пісьменнікамі, навукоўцамі і грамадскімі дзеячамі. Яна мае на мэце дапамагчы жыхарам краіны агучыць свае праблемы перад адміністрацыяй прэзідэнта. З дапамогай паштовак кожны чалавек можа звярнуцца да кіраўніцтва краіны. Сярод ініцыятыў грамадзянскай кампаніі – распаўсюд праўдзівай сітуацыі, якая склалася з беспрацоўем, аховай здароўя, адукацыяй і пытаннямі сацыяльна-эканамічнай абароны насельніцтва.
Радыё Рацыя






Каментары