Чацвёрты дзень у Беларусі ідзе датэрміновае галасаванне. Іменна пад час гэтага галасавання адбываюцца асноўныя фальсіфікацыі, лічыць кандыдат у дэпутаты Брэсцкага абласнога савета ад партыі БНФ Уладзімір Вялічкін. Але ён цвёрда ўпэўнены, што апазіцыі ад выбараў адмаўляцца не трэба.
- Работнікаў прадпрыемстваў, шэраговых грамадзян змушаюць на датэрміновае галасаванне. І небяспека заключаецца ў тым, што ніхто не ведае і практычна на сённяшні дзень немагчыма адсачыць, што робіцца са скрынямі для датэрміновага галасавання па начох. І практыка папярэдніх выбараў сведчыць аб тым, што бюлетэні, якія знаходзяцца ў скрыні датэрміновага галасавання яны ў апошнюю ноч замяняюцца на бюлетэні на карысць праўладнага кандыдата.
Па словах Вялічкіна, нягледзечы ні на што, з гэтай выбарчай кампаніі ён ужо мае пазітыўныя вынікі параўнальна з мінулымі выбарамі. Тады было надрукавана 7 тысяч улётак з яго тэлефонам - не было ні воднага званка. На дадзены момант улётак менш на дзве тысячы, а было ўжо шмат званкоў і асабістых наведванняў.
Ганна Васілевіч, Радыё Рацыя.






Каментары