03-07, 16:11

Эмануіл Зельцэр: Сапраўдным выпрабаваннем для мяне была адсутнасць патрэбных лекаў

Падчас зняволення ў Беларусі "сапраўдным выпрабаваннем" для амерыканскага адваката Эмануіла Зельцэра была адсутнасць патрэбных лекаў. "Гэта сур'ёзна адбілася на маім здароўі", — заявіў Зельцэр у інтэрв'ю БелаПАН.

"На працягу 16 месяцаў мне наогул адмаўляліся перадаваць лекі, нават пасля таго як прадстаўнікі Дзярждэпа іх даставілі ў вашу краіну. Спачатку спрабавалі інкрымінаваць правоз "наркотыкаў", таму не маглі ж яны потым мне гэтыя "наркотыкі" даваць. І яшчэ казалі, што гэтыя лекі ў Беларусі не ліцэнзаваныя", — сказаў Зельцэр.

Нагадаем, грамадзянін ЗША Эмануіл Зельцэр быў затрыманы ў мінскім аэрапорце 12 сакавіка 2008 года. У жніўні Мінскі гарадскі суд прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі за выкарыстанне заведама падманных дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж. Зельцэр адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 15 Магілёва, адкуль быў вызвалены 30 чэрвеня гэтага года на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні.

Паводле слоў Зельцэра, пад абвінавачаннем у выкарыстанні заведама падробнага дакумента мелася на ўвазе завяшчанне нябожчыка грузінскага бізнесмена Бадры Патаркацышвілі, адвакатам якога ён з'яўляўся. Удава Патаркацышвілі Іна Гудавадзэ і яго сябар расійскі бізнесмен Барыс Беразоўскі аб'явілі гэтае завяшчанне падробкай. "Копію гэтага завяшчання следчыя знайшлі на дыску майго камп'ютэра, распячаталі і паставілі мне ў віну захоўванне "падробнага" дакумента", — сказаў Зельцэр.

Абвінавачанне ў спробе прамысловага шпіянажу, паводле яго слоў, з'явілася ў апошні дзень следства, бо існавалі апасенні, што "абвінавачанне ў "падробцы" разваліцца з-за рашэння грузінскага суда". (Да пачатку суда ў Мінску суд Тбілісі прызнаў завяшчанне Патаркацышвілі сапраўдным. — БелаПАН.).

Зельцэр паведаміў, што "пад націскам" у Мінску ён быў вымушаны патэлефанаваць у гатэль у Лондан, дзе знаходзіцца арыгінал завяшчання Патаркацышвілі, "і даў указанне перадаць усе дакументы Беразоўскаму", а не кліенту, які павінен быў іх забраць. Званок у Лондан 13 сакавіка 2008 года, ужо пасля затрымання, пацвярджае раздрукоўка рахунку мабільнага тэлефона, зазначыў Зельцэр.

Паводле слоў амерыканскага юрыста, Беразоўскі быў "асноўным сведкам" на судзе ў Мінску. Ён лічыць, што ў яго затрыманні "быў агульны інтарэс Беразоўскага і кагосьці з беларускіх вярхоў". Паводле інфармацыі Зельцэра, Патаркацышвілі "інвеставаў каля 200 мільёнаў долараў ЗША ў беларускую нафтахімію".

Пры гэтым Зельцэр не мае намеру пераследаваць Беразоўскага ў судовым парадку, бо лічыць, што "Расія даб'ецца яго выдачы ўжо ў хуткай будучыні", паведамляе БелаПАН

Каментары

/ дадаць каментар /
Тэма:
Імя: *
Тэкст: *
Увядзіце код: *
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя