"У стратэгічным плане па пытаннях трансгранічнага супрацоўніцтва ў нас з Польшчай абсалютна падобныя пункты гледжання. Шарахаватасці ёсць па асобных канкрэтных кірунках, але, я думаю, па іх з часам зможам дамовіцца", — заявіў у інтэрв'ю БелаПАН намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка. Ён падвёў вынікі пасяджэння беларуска-польскай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па трансгранічным супрацоўніцтве, якое 10—11 ліпеня праходзіла ў Брэсце.
На сустрэчы ў абласным цэнтры А.Еўдачэнка ўзначальваў беларускую частку камісіі, польскую — намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Пётр Стаханьчык.
"Па выніках пасяджэння мы падпісалі пратакол, які не толькі пацвярджае ўзаемную зацікаўленасць ва ўзаемадзеянні і наладжванні сувязей паміж Беларуссю і Польшчай у галіне трансгранічнага супрацоўніцтва. Гэта даволі дэталёвы дакумент на найбліжэйшую і доўгатэрміновую перспектыву", — зазначыў А.Еўдачэнка.
Паводле яго слоў, у дакуменце прапісаны канкрэтныя даручэнні па чатырох кірунках работы. Гэта тэрытарыяльнае планаванне, пагранічная інфраструктура і пераходы, прыгранічнае і міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне.
Акрамя таго, у пратаколе адзначаецца, што адным з прыярытэтных кірункаў трансгранічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў 2007—2013 гадах будзе рэалізацыя праграмы "Беларусь—Польшча—Украіна" ў рамках еўрапейскага інструменту партнёрства і суседства.
Для падрыхтоўкі да пачатку сумеснай эксплуатацыі Аўгустоўскага канала ў навігацыйным сезоне 2009 года камісія рэкамендавала інтэнсіфікаваць работу па заключэнні пагаднення паміж урадамі абедзвюх краін па пытанні ўтрымання і суднаходства на пагранічным участку канала.
Для прадаўжэння дзеяння еўрапейскага дыплома для нацыянальнага парку "Белавежская пушча" і Белавежскага нацыянальнага парку ў Польшчы камісія прызнала мэтазгодным завяршыць сёлета работы па падрыхтоўцы пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне аховы і ўстойлівага выкарыстання трансгранічных прыродных рэгіёнаў паміж Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і польскім Міністэрствам навакольнага асяроддзя.
У пратаколе адлюстраваны таксама аспекты распрацоўкі дагаворна-прававой базы трансгранічнага супрацоўніцтва.
Наступнае пасяджэнне беларуска-польскай камісіі плануецца правесці ў першым паўгоддзі 2009 года на тэрыторыі Польшчы.
Камісія аднавіла работу пасля пяцігадовага перапынку. Папярэдняе яе пасяджэнне адбылося ў маі 2003 года, паведамляе БелаПАН.






Каментары