Набор у новы атрад касманаўтаў завяршыўся ў Кітаі. Разам з пяццю кандыдатамі-мужчынамі ў яго ўпершыню ўвайшлі і дзве жанчыны, паведамляе сёння ганконгскі друк.
Імёны прадстаўніц прыгожага полу, выбраных з ліку 15 ваенных лётчыц, не абвяшчаюцца. Аднак вядома, што гэта замужнія жанчыны, якія маюць дзяцей. Гэты крытэрый быў адным з ключавых пры адборы "касмічных дам".
Графік іх удзелу ў будучых арбітальных місіях не аб'яўлены. Але на мінулым тыдні стала вядома, што ў 2011 годзе Кітай збіраецца вывесці на арбіту беспілотны касмічны модуль "Цяньгун-1" ("Нябесны палац-1"). Потым на працягу двух гадоў будзе адпрацоўвацца стыкоўка гэтай канструкцыі з караблямі "Шэньчжоў-8, 9 і 10". Гэта дасць магчымасць ператварыць "Цяньгун-1" у заселеную касмічную лабараторыю.
Кітай ажыццявіў запуск свайго першага пілатуемага касмічнага карабля "Шэньчжоў-5" у 2003 годзе, а ў 2005 і 2008 гадах адправіў на арбіту наступныя лятальныя апараты гэтай серыі. Апошняя місія азнаменавалася паспяховым выхадам кітайскага касманаўта ў адкрыты космас.
Да гэтага часу атрад касманаўтаў у КНР налічваў 14 чалавек, набраных і падрыхтаваных з ліку вопытных ваенных лётчыкаў, паведамляе БЕЛТА.






Каментары