Адмыслоўцы лічаць, што ў наступны панядзелак, магчыма, адбудзецца самая магутная вірусная атака ў кампутарнай гісторыі ды заклікаюць карыстальнікаў быць пільнымі, піша сёння The Guardian.
Як паведамляецца, экспэрты ў галіне кампутарнай бяспекі кампаніі PC Tools прааналізавалі звесткі пра вірусы і чарвякоў з больш як 500 тысяч кампутараў з усяго свету і назвалі 24 лістапада днём магчымага піку дзейнасці віртуальных злачынцаў у 2008 годзе.
Леташнія звесткі паказалі, што самая моцная атака здарылася за трое сутак да Дня Дзякавання — з гэтага яны выснавалі, што тое самае будзе і сёлета.
Як тлумачыць кампанія, павелічэнне віруснай актыўнасьці ў гэты час звязанае з масавым інтэрнэт-шопінгам напярэдадні Калядаў. Людзі, якія робяць пакупкі он-лайн і гатовыя падаць сваю фінансавую інфармацыю, акурат і становяцца ахвярамі махляроў.
Толькі сёлета ў Вялікабрытаніі, як чакаецца, праз інтэрнэт зробяць пакупак на 15% адсоткаў болей, чым летась. Тым больш што багата хто цяпер, ва ўмовах фінансавай крызы, аддасць перавагу ніжэйшым цэнам інтэрнэт-крамаў.
Зрэшты, продажы — не адзіны разносчык шкадлівых праграм. Спамэры і злачынцы ўжо выкарысталі папулярнасць абранага прэзыдэнта ЗША Барака Абамы, каб змусіць карыстальнікаў зліць сабе вірус. Гэтак, праз электронную пошту рассылалася спасылка на відэа, дзе нібыта была прамова Абамы. А на самой справе на кампутар усталёўваўся траянскі вірус, паведамляе InoPressa.ru.
А тым часам Барак Абама карыстаецца электроннай поштай апошнія дні. Ён ужо разаслаў сваім сваякам і сябрам развітальныя лісты.
Справа ў тым, што паводле заканадаўства ЗША, прэзыдэнт мусіць весьці перапіску такім чынам, каб яна ўся фіксавалася службамі Белага дому. Нарэшце, бярэцца пад увагу і тое, што такая перапіска можа быць перахопленая трэцім бокам, паведамляе Наша Ніва.







Каментары