Аб выхадзе ў плей-оф Кантынентальнай хакейнай лігі можна казаць толькі пасля куплі гульцоў, якія па ўзроўні майстэрства перасягаюць цяперашніх хакеістаў, заявіў галоўны трэнер мінскага "Дынама" Васіль Спірыдонаў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 20 лістапада.
"Калі з-за нейкіх прычын гэта не адбудзецца, дык мая задача звядзецца да падрыхтоўкі гульцоў у нацыянальную зборную, прагляду і "прыцягванню" маладых хакеістаў", — сказаў В.Спірыдонаў. Паводле яго слоў, на прыкмеце ёсць дзве кандыдатуры, аднак прозвішчы называць рана: няма гарантыі, што перамовы не сарвуцца, як гэта ўжо здаралася неаднаразова.
Як зазначыў В.Спірыдонаў, сапернікі ўжо пачалі баяцца "Дынама". "Раней яны разглядалі матчы з намі як "прахадняк", а цяпер баяцца губляць ачкі. Хаця нам бы хацелася, каб яны на нас па-ранейшаму глядзелі праз ружовыя акуляры — так лягчэй гуляць", — прызнаўся трэнер.
В.Спірыдонаў у цэлым пазітыўна ацаніў дзеянні сваіх гульцоў у апошніх выязных матчах супраць лідэраў расійскага хакея — "Атланта" (1:2 у дадатковы час), магнітагорскага "Металурга" (3:4 па булітах), "Трактара" (2:5) і "Салавата Юлаева" (1:3). "Выезд быў вельмі складаным, і камусьці можа падацца, што два набраныя ачкі з 12 — гэта мала. Аднак узровень майстэрства не дазваляе нам выкарыстоўваць моманты і закідваць у большасці. Прэтэнзій да абароны не шмат, але трэба закідваць", — зазначыў В.Спірыдонаў. Паводле яго слоў, каманда праваліла першыя перыяды матчаў у Магнітагорску і Чэлябінску: "Адбіўся сіндром першакласніка: па восем тысяч чалавек на трыбунах, усе крычаць, вішчаць".
В.Спірыдонаў заявіў, што шакаваны прызначэннем на матчы "Дынама" суддзяў, якія ў КХЛ робяць першыя крокі. "Так, у нас усяго 22 ачкі, але ў нас таксама ёсць свае задачы, і ўся барацьба яшчэ наперадзе", — заявіў трэнер.
Пасля 27 сустрэч "Дынама" з 22 ачкамі займае перадапошняе, 23-е месца ў агульнай табліцы. На рахунку каманды 5 перамог у асноўны час, 1 у овертайме, 1 па булітах, 2 паражэнні па булітах, 1 у овертайме і 17 у асноўны час, 53 закінутых і 96 прапушчаных шайб.
У плей-оф выходзяць першыя 16 каманд рэгулярнага чэмпіянату. Ад 16-га месца дынамаўцаў аддзяляе 10 ачкоў.
Наступныя чатыры матчы мінскі клуб правядзе дома: 24 лістапада — з "Трактарам", 27 лістапада — з "Салаватам Юлаевым", 29 лістапада — з "Металургам" з Магнітагорска, 5 снежня — з рыжскім "Дынама", паведамляе БелаПАН.







Каментары