У Лунінцы (Брэсцкая вобласць) пачалося будаўніцтва лядовай арэны, паведаміў БелаПАН начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Лунінецкага райвыканкама Аляксандр Рамановіч.
Паводле яго слоў, гэты спартыўны аб'ект будзе аналагічны лядовай арэне ў Пружанах. У яго ўвойдуць хакейная канадская пляцоўка, глядзельная зала на 500 месцаў і трэнажорная зала.
Лядовая арэна ўзводзіцца на вуліцы Чырвонай у раёне шматпавярховых жылых дамоў. Ужо падрыхтавана пляцоўка для катлавана пад падмурак. Завяршэнне будаўнічых работ запланавана на канец гэтага года. Генеральны падрадчык будаўніцтва — Мікашэвіцкае будаўнічае ўпраўленне № 63 Пінскага будтрэста № 2.
- Ужо цяпер мы вядзём працу па адкрыцці ў раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе аддзялення хакея і фігурнага катання, — адзначыў спецыяліст. — Думаю, што праблем з наборам дзяцей не будзе. У рэгіёне шмат ахвотных займацца гэтымі відамі спорту, як, дарэчы, і пакатацца на каньках. Наколькі мне вядома, для гэтага жыхары нашага рэгіёну па выхадных ездзяць у пінскі лядовы палац.
Рамановіч таксама паведаміў, што ў 2010 годзе ў Лунінцы плануецца пачаць будаўніцтва плавальнага басейна, у якім будзе шэсць 25-метровых дарожак і "жабнік".
Цяпер у раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе працуюць два аддзяленні — футбола і лёгкай атлетыкі, дзе займаецца больш за 1 тыс. юных спартсменаў, з іх 450 — у філіялах, створаных на базе шасці сельскіх школ, паведамляе БелаПАН






Каментары