Юніёрскі чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы завяршыўся ў шведскай Ландскруне. Беларусы заваявалі тры залатыя медалі.
Чэмпіёнам Еўропы ў вагавой катэгорыі да 77 кг стаў Казімір Фіцнер, які падняў у суме 327 кг. Ён абышоў паляка Кршыштафа Зварыча (319 кг) і расіяніна Альберта Саяхава (318 кг).
Беларускія дзяўчаты ў скарбонку зборнай прынеслі дзве ўзнагароды вышэйшай вартасці. У вагавой катэгорыі да 75 кг з сумай 227 кг перамагла Юлія Наваковіч. Серабро дасталася расіянцы Аксане Карпуненка (216 кг), бронза - украінцы Юліі Уласенка (209 кг). У вазе да 69 кг на вышэйшую ступень п'едэстала ўзнялася Марына Шкерманкова. Беларуска адолела штангу вагой 217 кг і абышла за кошт асабістай вагі расіянку Марыю Зубаву (217 кг), а таксама немку Ніну Шрот (195 кг).
Адзначым таксама, што ў кроку ад п'едэстала спыніліся Аляксандр Макаранка ў катэгорыі да 94 кг і Наталля Колас у катэгорыі да 58 кг, паведамляе БЕЛТА.






Каментары