26—27 снежня ў будынку універмага "Гомель" прайшла акцыя па зборы падарункаў для выхаванцаў Улукаўскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот, арганізаваная міжнароднай грамадскай арганізацыяй "Дом на скале".
Удзельнікам акцыі — наведнікам універмага было прапанавана купіць для дзяцей-сірот неабходныя рэчы: туалетныя і школьныя прылады, адзенне. Гамяльчане актыўна падтрымалі ідэю дапамогі сіротам — за два дні ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел прыблізна тысяча жыхароў абласнога цэнтра, ГА "Дом на скале" сфармавала 20 каробак падарункаў для дзіцячага дома.
"Акцыю для ўлукаўскага дзіцячага дома мы праводзім упершыню, але нашы супрацоўнікі працуюць там ужо не першы дзень. Спадзяемся, што гэта будзе пачаткам нашага плённага супрацоўніцтва, — зазначыў у інтэрв'ю БелаПАН адзін з арганізатараў мерапрыемства Сяргей Блудчы. — Мы б хацелі перадаць цеплыню і любоў сваіх сэрцаў дзецям, праз гэтыя падарункі дакрануцца да дзіцячых сэрцаў. Многія людзі таксама хацелі б гэта зрабіць, але не маюць магчымасці, — мы такую магчымасць даем".
Асноўныя кірункі дзейнасці міжнароднай грамадскай арганізацыі "Дом на скале" — рэабілітацыя і ўмацаванне сямей, прапаганда інстытута шлюбу і сям'і. Для рэалізацыі гэтых мэтаў арганізацыя праводзіць сустрэчы, кансультацыі, ток-шоу для сямей. У Гомелі "Дом на скале" працуе другі год, паведамляе БелаПАН.






Каментары