28-12, 17:53

Грамадзянская ініцыятыва "Наш дом" за год атрымала ў Гомелі 59 "камунальных перамог"

На працягу 2008 года гомельскімі актывістамі грамадзянскай ініцыятывы "Наш дом" было падрыхтавана і накіравана гарадскім чыноўнікам 120 адозваў, з іх 46 заяў, дзве прапановы і 72 скаргі. Амаль палова скаргаў дала станоўчы вынік, паведаміў БелаПАН актывіст кампаніі Андрэй Аксёнаў.

У прыватнасці, улады выконвалі работы па добраўпарадкаванні пунктаў прыпынку грамадскага транспарту, аднаўленні вонкавага асвятлення, бягучым рамонце ў жылых дамах і пешаходных зонах. Былі выкананы патрабаванні адносна ўладкавання дзіцячых пляцовак, выканання санітарных норм і правіл. Некаторыя службовыя асобы былі прыцягнуты да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці за парушэнні законаў і нарматыўных прававых актаў. Усяго грамадзянская кампанія "Наш дом" атрымала ў Гомелі 59 "камунальных перамог", канстатуе А.Аксёнаў.

Сярод найбольш значных вынікаў працы грамадскіх актывістаў — аднаўленне вонкавага асвятлення на тэрыторыі сквера імя Шаўчэнкі пасля калектыўнай скаргі ў адміністрацыю Савецкага раёна Гомеля, а таксама ўвод у эксплуатацыю філіяла аддзялення паштовай сувязі № 38, тэрміны рамонту якога былі парушаны. Пасля калектыўнай заявы дэпутату Палаты прадстаўнікоў Аляксандру Шаўко ў мікрараёне Клянкоўскі быў устаноўлены дзіцячы гульнявы гарадок. Кампенсацыйныя пасадкі дрэў у мікрараёне Сяльмашаўскі былі праведзены ў выніку арганізаванай актывістамі кампаніі заявы ў адміністрацыю Чыгуначнага раёна.

"Мы здолелі дамагацца патрэбных вынікаў пры дапамозе звычайнай перапіскі з чыноўнікамі, — каментуе А.Аксёнаў. — Мы імкнуліся атрымаць максімальную інфармацыю аб праблеме задоўга да таго, як звярталіся са скаргай. Перагортвалі і вывучалі вялікую колькасць розных нарматыўна-прававых дакументаў, асабліва дзяржаўныя і тэхнічныя стандарты. Перш чым вызначыцца, што мы будзем патрабаваць, імкнуліся даведацца аб праблеме практычна ўсё. У большасці выпадкаў да нас прыслухоўваліся. З цягам намаганні пераўтвараліся ў выпадковыя, а затым і сістэмныя перамогі", паведамляе БелаПАН.

Каментары

/ дадаць каментар /
Тэма:
Імя: *
Тэкст: *
Увядзіце код: *
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя