За дзевяць месяцаў 2008 года супрацоўнікі Гомельскага ўпраўлення МНС выратавалі пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый 406 чалавек. Гэта практычна адпавядае паказчыку за аналагічны перыяд 2007 года.
Як паведаміў прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў, пры садзеянні падраздзяленняў МНС пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый было захавана больш за 1,5 тыс. пабудоў, каля 100 адзінак тэхнікі, 194 галавы жывёлы, матэрыяльных каштоўнасцей больш чым на 10,4 млрд. рублёў.
Разам з тым, паводле інфармацыі Р.Габрылёва, за дзевяць месяцаў 2008 года ў вобласці на розных аб'ектах адбылося 929 пажараў, што на 16,7% менш, чым за аналагічны перыяд 2007 года. Прамыя страты ад пажараў склалі 3.204,9 млн. рублёў.
З пачатку года на пажарах загінула 105 чалавек, з іх трое дзяцей. Семдзесят сем загінулых (73,3%) знаходзіліся ў нецвярозым стане; 39 (37,1%) — нідзе не працавалі, 41% — пенсіянеры, 23 (21,9%) — рабочыя, калгаснікі і служачыя.
Асноўнымі прычынамі пажараў былі неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў устройства і эксплуатацыі пячнога ацяплення, парушэнне правілаў мантажу і эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання, падпалы. Па прычыне п'янства адбылося 269 пажараў, на якіх загінулі 77 чалавек, у тым ліку дзіця, 31 чалавек атрымаў траўмы. Прамыя эканамічныя страты ад названых пажараў склалі 495,2 млн. рублёў.
Большасць пажараў адбылося ў сельскай мясцовасці, там загінулі 79 чалавек, з іх трое дзяцей. Долі пажараў, урону і загінулых у сельскай мясцовасці склалі адпаведна 80,9%, 77,2% і 70,3% ад агульных паказчыкаў па вобласці.
Паводле слоў Р.Габрылёва, супрацоўнікі МНС пастаянна праводзяць омплекс мерапрыемстваў па папярэджанні пажараў і зніжэнні гібелі людзей. Сумесна з работнікамі міліцыі арганізавана адпрацоўка жылых і гаражных масіваў у мэтах выяўлення і спынення фактаў самагонаварэння, падпольнай вытворчасці алкагольнай прадукцыі, парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі. За дзевяць месяцаў сумесна з міліцыяй абследавана 6.300 домаўладанняў, праінструктавана 11.719 чалавек. Падрыхтавана 391 прапанова аб накіраванні ў ЛПП, накіраваны на лячэнне ад алкагалізму 153 чалавекі. Выяўлена 196 фактаў незаконнага вырабу і рэалізацыі алкагольнай прадукцыі, паведамляе БелаПАН.






Каментары