Магілёўскі гарвыканкам заявіў, што неўзабаве пяцьсот будаўнікоў з Кітая пачнуць узводзіць у абласным цэнтры жыллё. Гэта прадугледжвае падпісаны днямі пратакол аб намерах супрацоўніцтва з кітайскай будаўнічай кампаніяй "Юйхуа". Згодна з пратаколам, кітайцы будуць штогод здаваць 100 тысяч квадратных метраў жылля.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, будаўнічая пляцоўка для "кітайскага квартала" ў Магілёве ўжо вызначана, і кітайцам яна спадабалася. Раней гэтая пляцоўка належала вайскоўцам, тут былі склады з тэхнікай.
У аддзеле эканамічных сувязей гарвыканкама, аднак, падкрэсліваюць, што пакуль падпісаны толькі пратакол аб намерах і не болей. Яго дэталі супрацоўнікі аддзела каментуюць стрымана.
"Мы чакаем ад іх прыняцця рашэння. <…> У пратаколе ёсць радок, што будаваць там будуць кітайскімі сіламі, за кошт сродкаў кітайскіх. Яны ж вязуць з сабою ўсё цалкам: вузлы, дэталі, мэханізмы. Гаворка ідзе не толькі пра людзей, а пра ўсю тэхналогію", — зазначае супрацоўніца аддзела эканамічных сувязей.
Інфармацыі пра тое, што дасць Магілёву супрацоўніцтва з кітайскімі будаўнікамі, акрамя новых жыллёвых плошчаў, няма. Невядома таксама, ці патаннее жыллё ў горадзе з прыходам сюды кітайскіх будаўнікоў.
Паводле слоў эканаміста Яраслава Раманчука, такое супрацоўніцтва можа пазітыўна адбіцца на цэнах на жыллё альбо на падрыхтоўцы беларускіх спецыялістаў для працы ва ўмовах глабальнага рынку. Эканаміст, аднак, засцерагае: "Чыноўнікі могуць палічыць за неабходнае залічыць свае нейкія адкаты ў сумы кантрактаў, і гэта павялічыць кошты. Чыноўнікі дбаюць не пра тое, каб метр квадратны жылля каштаваў шэсцьсот долараў, а пра тое, каб на такім кантракце зарабіць дзесятак-другі тысяч долараў".
Кіраўнік магілёўскай няўрадавай арганізацыі "Жаночы цэнтр падтрымкі і самаадукацыі" Валянціна Гваздзёва сумняецца ў эканамічнай мэтазгоднасці супрацоўніцтва з кітайцамі, бо не ўпэўненая, што чыноўнікі пралічылі яго сацыяльныя наступствы. Ці гатовыя мы адразу прыняць такі наплыў замежнікаў, пытаецца яна: "Інвестыцыі. Вось у чым сакрэт, мне здаецца. І ў пагоні за ростам працэнта інвестыцый мы іншага не пралічваем. Мяне гэта палохае. Да гэтага грамадства павінна быць гатовае. Тут вельмі слізкая праблема. Яны прыязджаюць рабіць тое, што могуць рабіць нашыя людзі. Спадзяюся, што не дойдзе да сутыкнення. Але ці хопіць у нас розуму і далікатнага падыходу ў нашых органаў правапарадку?", паведамляе БелаПАН.






Каментары