15 кастрычніка ў Мінску ў Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы адкрылася выстава французскага фотамастака Антуана Ганена "Усхваленне будучыні".
У экспазіцыі, арганізаванай пасольствам Францыі пры падтрымцы бібліятэкі, прадстаўлены 42 чорна-белыя фотаздымкі, у якіх адлюстроўваюцца дасягненні сучаснай французскай прамысловасці высокіх тэхналогій. На здымках — аб'екты з галіны авіяцыі і космасу, медыцыны і інфармацыйных тэхналогій, ядзернай энергетыкі і абароны.
Адкрываючы экспазіцыю, саветнік па супрацоўніцтве і культуры пасольства Францыі ў Беларусі Людовік Руайе зазначыў, што гісторыя гэтай выставы пачынаецца ў канцы 1990-х гадоў, калі падчас сваёй працы ў якасці незалежнага фатографа для французскіх прадпрыемстваў Антуан Ганен зразумеў, што яму бліжэй чорна-белыя здымкі.
"Спрабуючы адлюстраваць глабальнае бачанне французскай індустрыі на зары трэцяга тысячагоддзя, пасля шасці гадоў працы аўтар у 2000 годзе выпускае сваю першую кнігу "Усхваленне будучыні". У ёй прадстаўлены яго таленавітыя здымкі, якія вылучаюцца арыгінальнасцю выбраных сюжэтаў і глыбокім сэнсам кампазіцый. У 2000 годзе ў Рыме адбылася першая выстава "Усхваленне будучыні", якая потым дэманстравалася па ўсім свеце", — сказаў дыпламат.
Паводле яго слоў, творчасць А.Ганена не абмяжоўваецца рамкамі Францыі, паколькі ён стварыў экспазіцыю еўрапейскага фармату "За кулісамі еўрапейскай аэранаўтыкі" ў рамках Сусветнай выставы 2005 года.
"Адначасова мастак заўзята працуе ў галіне пейзажнай черна-белай фатаграфіі і публікуе ў 2008 годзе новы фотаальбом "Гарызонты", у якім прадстаўляе невычэрпныя багацці французскага ландшафту. Гэтая кніга з'яўляецца своеасаблівым заклікам адкрыць архітэктурнае і прыроднае багацце Францыі", — зазначыў Л.Руайе.
Аўтар экспазіцыі выказаў падзяку пасольству Францыі ў Беларусі і дырэкцыі бібліятэкі за магчымасць паказаць сваю творчасць у Мінску, а таксама зазначыў, што дэманстрацыя выставы дазволіла яму пазнаёміцца з новай краінай — Беларуссю — і яе людзьмі.
Выстава працуе да 28 кастрычніка, паведамляе БелаПАН,






Каментары