Мастацкая выстава, прымеркаваная да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкрылася 2 ліпеня ў выставачнай зале Берасцейскага абласнога грамадска-культурнага цэнтра. Гэта сумесны праект цэнтра, абласнога краязнаўчага музея і абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў.
У экспазіцыю ўключана 60 работ трыццаці майстроў жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вобласці. Яны прысвечаны як ваеннай тэме, у тым ліку подзвігу абаронцаў Берасцейскай крэпасці, памяці вязняў гета, ветэранам, так і пасляваеннаму жыццю рэгіёна.
"Гэта выстава дае унікальную магчымасць у адной зале ўбачыць працы ўсіх мастакоў Берасцейскай вобласці — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыў на вернісажы дырэктар выставачнай залы Міхаіл Канькоў. — Сярод іх — Мікалай Чураба, Эдуард Куфко, Іван Фецісаў, Іван Ламакін, Павел Пагодзін, Мікалай Аўчыннікаў, Іван Рудчык, а таксама заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Пётр Данелія".
Разам з работамі заслужаных майстроў на выставе прадстаўлены творы мастакоў больш маладых пакаленняў. Гэта, лічаць арганізатары, дае магчымасць наведвальнікам убачыць своеасаблівую гісторыю рэгіёна, адлюстраваную ў карцінах, пачынаючы з 1946 года да нашых дзён. Такі праект у Берасці рэалізаваны ўпершыню.
Выстава будзе працаваць да 20 ліпеня, паведамляе БелаПАН.






Каментары