20-11, 17:51

Жанчына ў парламенце – не палітык, на прадпрыемстве – не чалавек

Беларусь пераадолела  бар'ер у 30% па ўзроўні прадстаўніцтва жанчын ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Афіцыйныя крыніцы падаюць гэта як значнае дасягненне, бо ў некаторых краінах квота 30% жанчын у складзе парламента замацаваная заканадаўча. Аднак, паводле незалежных экспертаў, тут няма чым ганарыцца, бо, умоўна кажучы, колькасць не пераходзіць у якасць - жанчыны ў парламенце нічога не вырашаюць. А вось на прадпрыемствах жанчыны паказваюць сябе як высокакласныя прафесіяналы, але наўмысна прыніжаюцца мужчынамі.

Перад міжнароднай супольнасцю, у першую чаргу перад Арганізацыяй аб'яднаных нацый, Беларусь мае абавязкі, што тычацца гендэрнай палітыкі. Падпісаная канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі, шэраг іншых дакументаў, якія абавязваюць краіну рабіць пэўныя крокі да роўнасці ў грамадстве мужчын і жанчын. Але ў Беларусі гэта не прыярытэт і гендэрная палітыка вядзецца дастаткова ўмоўна і штучна.

Паводле звестак даследавання Сусветнага эканамічнага форуму, Беларусь у рэйтынгу раўнапраўя полаў знаходзіцца на 23-м месцы сярод 128 краін.

Даследаванні аб раўнапраўі праводзіліся па такіх крытэрыях, як доступ да аховы здароўя і адукацыі, плата за аднолькавую працу мужчынам і жанчынам, удзел у палітычнай дзейнасці. І калі па першых дзвюх пазіцыях роўнасць захоўваецца, то ў працы ды палітыцы беларускія жанчыны дыскрымінуюцца паводле старой саўковай традыцыі.

Гэта падкрэслівае сустаршыня грамадскай арганізацыі «Жаночы незалежны рух» Людміла Пеціна:

- Жанчыны на сённяшні дзень гэта больш якасная сацыльная група ў Беларусі. Таму што сярод прафесіяналаў жанчын больш чым мужчын. У нас 75% мужчын – рабочыя, а высокаадукаваныя спецыялісты, прафесіяналы – жанчыны. Але калі мы гаворым пра заробак, то нават згодна з афіцыйнымі дадзенымі розніца паміж мужчынскім і жаночым заробкам складае 20% на карысць мужчынаў. А незалежныя даследаванні паказваюць гэту розніцу больш за 40%. І на рынку працы жанчыны сканцэнтраваныя там, дзе праца не прэстыжная, цяжкая і малааплочваемая. І канешне ёсць дыскрымінацыя пры прыёме на працу і звальненні – жанчыны тут у «групе рызыкі».   

Полавую няроўнасць умоў на працы ў якасці адной з найбольш важных гендэрных праблем называе і старшыня Жаночай камісіі Партыі БНФ Валянціна Свяцкая:

- Што тычыцца працы і атрымання нейкіх пасадаў, то перавага аддаецца ўсё ж такі мужчынам. І нават калі адну і тую ж пасаду займаюць жанчыны і мужчыны, то ўсё роўна мужчыны атрымліваюць значна большы заробак.

Жанчына ў палітыцы – тэма асобнай і доўгай размовы, таму нашы суразмоўцы акрэсляць асноўнае. Людміла Пеціна прапанавала найбольш яскравы прыклад – жанчыны-дэпутаты:

- У сённяшнім парламенце жанчыны ў асноўным нікому не вядомыя. Можа быць яны  нядрэнныя кіраўнікі і добрыя арганізатары на сваіх месцах працы, але на тое што яны могуць прадстаўляць жаночую сацыяльную групу няма ў мяне вялікіх надзей. Бо ў мінулым складзе, дзе таксама было 30% жанчын, і жанчыны, якіх мы ведалі, ніхто не адгукнуўся на нашы лісты аб адсутнасці ў Беларусі гендэрнай палітыкі і наконт адмены сацыяльных льгот. На гэта адрэагавала толькі Вольга Абрамава. Некаторыя жанчыны з мінулага парламента заяўлялі на нашыя звароты: «Гэта ж палітыка, а мы палітыкай не займаемся». Так што яны, займаючы палітычныя пасады, не лічаць сябе палітыкамі.

Валянціна Свяцкая жанчын у цяперашнім складзе парламенту проста не паважае, і ёсць за што:

- Я не лічу, што тыя жанчыны, якія трапляюць сёння ва ўладу, дастаткова самастойныя. Таму што калі б насамрэч існавала выбарчая сістэма і калі б яна спрацоўвала так, як павінна, тады  б  я з павагай ставілася да тых жанчын, якія туды трапілі. Аде сёння жанчыны ў парламенце прызначаныя туды. На жаль яны дыскрэдытуюць сваёй прысутнасцю тое, што павінны рабіць жанчыны ва ўладзе. Лепш бы яны туды не траплялі. Гэта проста машыны для галасавання. А тое, што жанчыны пагадзіліся выконваць такую касметычную ролю, мне проста за іх сорамна, і я лічу што гэта роля для іх вельмі ганебная і непрыстойная. 

Паводле эксперта, тое, што сёння атрымліваецца ў нас у дачыненні да палітычнай дзейнасці мужчын і жанчын, гэта пародыя на тое, што павінна адбывацца ў сапраўдным дэмакратычным грамадстве.   

Наталля Якавенка, Радыё Рацыя, Менск

Каментары

/ дадаць каментар /
Тэма:
Імя: *
Тэкст: *
Увядзіце код: *
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя