У Віцебску памянулі на Дзяды сваіх продкаў, змагароў за незалежнасць Беларусі, паплечнікаў-сяброў.

Ні холад, ні залева не перашкодзілі віцебскім дэмакратам аддаць даніну памяці тым, для каго свабода і незалежнасць краіны былі галоўным сэнсам жыцця.
Частка прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і арганізацыяў наведала гарадскія могілкі “Дружба”, дзе пахаваная адна з найбольш актыўных сябраў БНФ, нядаўна памерлая Роза Іванаўна Пушкарова. Прыбралі захаванне, ўсклалі кветкі.
Яшчэ адна даволі вялікая група, якую арганізаваў адзін са старэйшых віцебскіх актывістаў Барыс Хамайда, наведала новыя гарадскія могілкі ў Капцях, вясковыя ў Друкаве і памятныя крыжы ахвярам сталіншчыны паміж Паляямі і Варонамі. Чаму трэба падтрымліваць гэтую традыцыю, гаворыць Барыс Хамайда:
– У гэты дзень прыходзяць на могілкі, прыходзяць да дзядоў, размаўляюць з імі расказваюць, як мы тут жывем, што тут адбываецца, што мы зрабілі, што не зрабілі...
У Капцях наведалі магілу аднаго з заснавальнікаў мясцовага дэмакратычнага руху Алеся Мудрычэнкі, які памёр гэтым летам ад цяжкой хваробы. Прыбралі пахаванне і пакланіліся аднаму з зачынальнікаў знакамітага віцебскага “Узгор’я” мужнаму Сяржуку Цярэнцеву, які калісьці не саромеўся запрашаць на паседжанні гістарычнага клюбу нават кіраўніцтва КДБ. Успомнілі ля помніка Рамана Салаўяна гэтага прыгожага, шчырага і вельмі ранімага хлопца, які на пачатку трэцяга дзясятка маладога жыцця не вытрымаў ціску хлуслівай ды бязлітаснай сістэмы.


Прыехалі на друкаўскія могілкі да Уладзімера Плешчанкі. Там, ля цудоўнага помніка з “Пагоняй” зноўку памянулі гэтага незвычайнага чалавека з цяжкім, але ўдзячным лёсам. Чалавека, чыё імя застанецца ў памяці вельмі многіх віцеблянаў.
І, канешне ж, наведалі памятныя крыжы непадалёк ад вёскі Вароны, дзе ў гады сталінскіх рэпрэсіяў былі растрэляныя тысячы жыхароў абласнога цэнтра. Тут у Дзень Памяці рэпрэсаваных ўсклалі вянок і павесілі бел-чырвона-белы сцяг прадстаўнікі віцебскіх моладзевых і іншых арганізацыяў. Да іх дадаліся бел-чырвона-белыя стужкі і яшчэ адзін вянок з надпісам: “Змагарам за волю і незалежнасць ВКЛ-Беларусі ад удзячных беларусаў”.
Як сказаў адзін з пачынальнікаў руху БНФ у Віцебску Алесь Вент:
– Трэба памятаць, трэба ведаць свае карані, увогуле сваю сям’ю, сваіх продкаў да пятага калена і шанаваць памяць тых продкаў, якія змагаліся за незалежнасць Беларусі, за нашую краіну і якія памерлі за гэта.

Міліцыянты, у адрозненні ад леташніх Дзядоў, калі затрымалі цэлы аўтобус людзей, на гэты раз палічылі за лепшае не чапаць і чакалі канца акцыі ў машыне.

Алена Грынявіцкая, Радыё Рацыя, Віцебск






Каментары