Моладзь БНФ працягвае акцыі прапаганды незалежных СМІ сярод беларускіх грамадзян. У гэты раз ля Камароўскага рынку кіраўніцтва моладзевай арганізацыі раздавалі лапшу хуткага прыгатавання “Ролтон” з адмыловымі налепкамі.

Пра задачы акцыі распавёў Старшыня Моладзі БНФ Франак Вячорка:
Наша задача – звярнуць увагу людзей на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, на дзейнасць незалежнага каналу Белсат, незалежных радыёстанцый: Радыё Рацыя, Еўрапейскае радыё для Беларусі, а таксама незалежных газетаў і інтэрнэт-сайтаў. І сённяшні перфоманс закліканы менавіта абудзіць увагу людзей да незалежнай інфармацыі і расплюшчыць ім вочы.

Рэакцыя людзей на дзеянні сяброў Моладзі БНФ людзей была рознай: многія прымалі гэтую грамадскую акцыю за акцыю рэкламную, сталыя людзі з ахвотай бралі дармовы прадукт, людзі сярэдняга ўзросту часта з недаверам глядзелі на “сумнеўныя” ласункі.

Некаторыя з маладых людзей выказвалі згоду з тым, што дзяржаўнае тэлебачанне глядзець нельга. Але пад заклікі Франака Вячоркі не есці гэтую лапшу і не глядзець БТ, большасць людзей лапшу ўсё ж бралі.

У любым выпадку 250 пакункаў “Ролтона” падчас перфомансу былі раздадзеныя.

За акцыяй назіралі прадстаўнікі ўнутраных органнаў, але нікога з актывістаў яны не затрымалі.
Гражына Вір, Радыё Рацыя, Менск







Каментары