Член Кангрэса ЗША Крыстафер Сміт лічыць, што палітыка еўрапейцаў у адносінах да Беларусі павінна быць «больш залежнай ад ступені ўдзелу ў тым, што датычыцца выканання ўзятых на сябе (Беларуссю – DELFI) абавязанняў».
Пасля сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі ён прызнаўся, што калі казаць аб тым, наколькі рэальна змена цяперашняй сітуацыі ў Беларусі ў сферы правоў чалавека, то «надзея памірае апошняй».
Аб гэтым ён распавёў DELFI, падчас гутаркі на сесіі ПА АБСЕ, якая праходзіла ў Вільні 30 чэрвеня – 2-го ліпеня.
«Абавязанні – гэта добра, але мы павінны адкрыта глядзець наколькі прапарцыйна супрацоўніцтва з Лукашэнкам яго ўкладу ў прызнанне правоў чалавека, - казаў ён. – Мы будзем падтрымліваць прынцыпы «Акту аб дэмакратыі Беларусі». Я вельмі рады, што цяперашні прэзідэнт забяспечыў пераемнасць з ранейшай адміністрацыяй у гэтым пытанні. Так што Лукашэнка ведае, што мы прадказальныя, што ў нашай палітыцы няма нічога ўтоенага. Гэта – арыенціры, умовы для паляпшэння адносін. І усё, чаго мы патрабуем – прызнанне фундаментальных правоў чалавека».
Не так даўно ў СМІ з'явілася інтэрв'ю з кіраўніком Менскага офіса АБСЕ Хансам-Ёханам Шмітам, у якім ён сказаў, што «інтэрасам АБСЕ супярэчыць засяроджанне ўвагі выключна на парушэннях правоў чалавека», і што ён «прыхільнік прагматычнага падыходу, паводле якога варта развіваць і грамадзянскае грамадства, прасоваць агульначалавечыя каштоўнасці, і працаваць на карысць вашай дзяржавы». Кангрэсмен К.Сміт, адзін з аўтараў «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі», лічыць, што г-н Шміт памыляецца.
«Я абсалютна не прымаю такога пункта гледжання, - казаў кангрэсмен DELFI. - Я думаю, што ён памыляецца, што ён недаацэньвае велічэзнай ахвяры, якая была зробленая дысідэнтамі ў дачыненні свайго асабістага жыцця, недаацэньвае збіванняў, катаванняў і ізаляцыі, у якой яны працягваюць жыць у Беларусі. Я маю на ўвазе, што дысідэнты, кожны па асобнасці і ў цэлым, з'яўляюцца самымі адважнымі і яркімі людзмі ў Беларусі».
Па яго словах, «ні Нямеччына, ні ЗША, ні Канада, ні якая-небудзь іншая краіна», не павінна гэтага недаацэньваць.
Як вядома, пасля сустрэчы з дэлегацыяй кангрэсменаў ЗША, А.Лукашэнка падпісаў указ аб вызваленні амерыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра, які быў пасаджаны ў турму ў Беларусі. К.Сміт пагадзіўся, што Э.Зэльцэр – жывое сведчанне парушэння правоў чалавека ў Беларусі, паведамляе DELFI.






Каментары