03-07, 14:16

Год прайшоў, вінаватых няма

Цяпер у Менску поўнай хадой ідуць святкаванні, прысвечаныя дню вызвалення Менску ад нямецкіх захопнікаў, якое адзначаецца, як Дзень незалежнасці краіны. Роўна год таму свята завершылася трагедыяй. Падчас канцэрту перад стэлай “Менск-горад-герой” ў прысутнасці поўмільёна чалавек выбухнула самадзейнае прыстасаванне, начыненае гайкамі.

Тады пацярпелі 54 чалавекі, большасць з якіх былі шпіталізаваныя. Да шчасця, абышлося без смяротных сыходаў. Што змянілася праз год ад выбуху і як прасунулася следства ў гэтай таямнічай справе?

Пасля выбуху год таму меры бяспекі на масавых мерапрыемствах істотна ўзмацніліся. Цяпер усіх наведнікаў святочных канцэртаў правяраюць металашукальнікамі, а сок ці тое кефір у пакетах цяпер уваходзіць у спіс недазволенага для праносу на месца збору людзей. Праахоўныя органы за гэты час чаго толькі не выдумлялі, каб натрапіць на след злачынцы – ад усеагульнага мусовага зняцця адбіткаў пальцаў у мужчынскага насельніцтва краіны да абвяшчэння акцыі па пошуку пакета ад соку “Садочак” разліву за 9 лютага 2008 году за прэмію ў два мільёны рублёў. Пакуль плёну няма зусім. На нядаўняй нарадзе 29 чэрвеня Лукашэнка назваў нераскрытую справу па выбуху – ганьбай для беларускай міліцыі.

- Не першы раз мы кажам пра небяспечныя экстрымісцкія праявы. Трагічны прыклад – беспрэцэндэнтны па сваім цынізме і колькасці пацярпелых – выбух 4 ліпеня. Вінаватых па сёння не ўстанавілі. Як і ў выбуху ў Віцебску. І гэта ганьба для праваахоўных органаў. 

Выбух на свяце 3 ліпеня істотна ператусаваў кіруючую вярхушку краіны.  Былі звольнены кіраўнік прэзідэнцкай адмінстрацыі Невыглас і дзяржсакратар па бяспецы Шэйман, а пазней і міністр унутраных справаў Навумаў. Аналітык Аляксандр Класкоўскі выказвае меркаванне, што кіраўнік дзяржавы проста скарыстаў сітуацыю, каб схаваць у цень тых чыноўнікаў, што раздражнялі Захад. Якраз з прыходам новага кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Макея і звязаны пачатак дыялогу Беларусі з Еўропай.

- Неўзабаве пасля выбуху адзін з тых людзей, якія зваліся непатапляльнымі – Віктар Шэйман – страціў важную пасаду. Гэта звязваюць з тым, што кіраўнік дзяржавы пастараўся глыбей у цень схаваць тых людзей, якія фігуравалі ў непрыемных дакументах Захаду. Вось і ўсё. Чыста такі тактычны механічны падыход. 

Вінаватых улады кінуліся шукаць найперш сярод палітычных актывістаў. Юрыст Гары Паганяйла тлумачыць гэта спецыфікай айчынных праваахоўных органаў, якія спецыялізуюцца найперш на палітычным вышуку. Магчыма таму, на меркаванне эксперта, і не раскрытая аніводная падобная справа.

- Ужо ў які раз наша следства праяўляе некампетэнтнасць і непрафесіяналізм у раскрыцці такіх цяжкіх злачынстваў, як тое выбух на нафтаправодзе “Дружба”, выбух ля суда Савецкага раёну Менску, выбухі ў Віцебску. Ніводная з гэтых спраў так і не расследавана. Нашы супрацоўнікі вышуку займаюцца не аператыўным раскрыццём крымінальных злачынстваў, а найперш палітычным вышукам. Тут яны руку набілі.

Юрась Карэтнікаў, які на той час вылучаўся кандыдатам у дэпутаты парламенту ад дэмакратычных сілаў, на момант выбуху быў у Францыі, дзе сканчаў школу палітычных даследаванняў. Але яго ўсё адно ўключылі ў спіс падазраваных. Юрась трое сутак правёў у ізалятары КДБ. Цягам некалькі месяцаў у яго 11 разоў бралі адбіткі пальцаў.

- Мне казалі, што я мог арганізаваць выбух, нават з-за мяжы. І тое, што я адсутнічаў – не прызнавалі за доказ.  Але было бачна, што следчыя і тыя людзі, якія вымушаны былі мяне кудысці забіраць, рабілі гэта недабраахвотна і разумелі, што прыцягваць мяне сюды без сэнсу. Я не кажу, што гэты выбух зрабіла ўлада, але адназначна ўлада скарыстала яго ў сваіх мэтах: затрыманні апазіцыянераў, ператрусы ў іх на кватэрах, спробы вербоўкі, масавая дактыласкапія…

Усяго ў якасці падазраваных у дачыненні да леташняга выбуху праходзіла 120 чалавек, але віна ніводнага з іх так і не была даказана. Следчыя здолелі скласці толькі сацыяльна-псіхалагічны партрэт імавернага злачынцы. Распрацоўвалася адразу некалькі версій, але як заявіў незадоўга да сваёй адстаўкі міністр Навумаў, большасць з іх былі адкінутая праз неабгрунтаванасць. На сёння следчыя разглядаюць дзве асноўныя версіі – выбух па неўстаноўленых прычынах, які здзейсніў адзін чалавек і выбух, зладжаны заканспіраванай арганізацыяй, якая пераследуе пэўныя мэты.

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя, Менск.

Каментары

/ дадаць каментар /
Тэма:
Імя: *
Тэкст: *
Увядзіце код: *
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя