У нядзелю 23 лістапада ў менскім Чырвоным касцёле Сымона і Алены адбудзецца прэзентацыя кнігі ўспамінаў Дануты Бічэль “Хадзі на мой голас”. Кніга выйшла ў серыі “Гарадзенская бібліятэка”.
“Захацелася скінуць з сябе салодкую няволю рыфмаў, гэты панцыр чарапахі. Гэтая кніжка — яшчэ не развітанне, не запавет, але падвядзенне вынікаў, - піша Данута Бічэль ва ўступе да кнігі. - У маёй жыццёвай прыгодзе паэткі найважнейшымі з'явамі былі людзі, якія мяне любілі, якіх я любіла. Цяпер я зразумела, што пра людзей, якія істотна паўплывалі на мой лёс, у вершах не напішаш. Дасканалай мовай прозы я не валодаю. Таму атрымаліся эсэ.
Вядома, гэтая кніжка няроўная. Я не ўсюды дала рады сваім эмоцыям. На мяжы паміж паэзіяй і прозай, калі ўдаецца заскочыць за далягляд думкі, дзе пачуццё і думанне зліваюцца ў адно, мае эсэ атрымаліся. “Заходзьце да мяне, хто ў смутку, душа кніжкі заўсёды адчынена”…
Кніга багата аздоблена здымкамі. Аўтарка ўзгадвае падзеі грамадскага жыцця ў Беларусі ў 80-90 гады ХХ ст., Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Артура Цяжкага, Ларысу Геніюш, Зоську Верас, Ірыну Крэнь, Анатоля Сыса, Хрысціну Лялько, Янку Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Наталлю Арсенневу, айца Уладзіслава Чарняўскага, Чэслава Мілаша…
Запрашаем! Пачатак прэзентацыі: нядзеля, 23 лістапада, 17.45 па адрасе: Мінск, Чырвоны касцёл. Уваход вольны. Вы зможаце атрымаць кнігу з асабістым аўтографам аўтаркі.
Радыё Рацыя







Каментары