19-11, 18:02

"Аўтаматычная кабета" і тэлефанаванні ў Беларусь

Апошнім часам журналісты Рацыі сутыкнуліся з праблемай пры тэлефанаванні на Беларусь.  Справа ў тым, што падчас тэлефанавання палітыкам, або экспертам на мабільныя тэлефоны слухаўку адбірае жанчына, якая не вітаецца, а просіць пачакаць хвіліну. Такім чынам нібыта адказаўшы на тэлефонны званок рэспандэнт ёсць на сувязі, але яго прыходзіцца чакаць на працягу доўгага часу і патрэбны чалавек не падыходзіць да тэлефона.

І што самае цікавае, на тэлефонных нумарах зусім розных людзей, з зусім розных гарадоў, адказвае заўсёды адзін і той жа голас…

Вось якім чынам выглядае гэты дыялог, што быў запісаны журналістамі Рацыі:

“Алло, секунду!” потым на некаторы момант ў слухаўцы чуецца толькі цішыня, і пазней жанчына зноў падыходзіць да тэлефона, бярэ слухаўку і кажа: “Одну минутку, одну минутку”.

Зразумела, што неабходны чалавек, да якога тэлефанаваў журналіст да тэлефона не падыходзіць ні праз хвіліну, ні праз дзве. Хіба што, толькі пры паўторным тэлефанаванні магчыма пачуць неабходны голас, але і гэта не заўсёды. Зразумела, што ў такіх ўмовах трацяцца і грошы і час, а таксама і губляецца магчымасць своечасова праінфармаваць слухачоў пра найбольш важныя падзеі, што адбываюцца ў краіне.

З просьбай патлумачыць, чаму такое адбываецца, і што за тэхнічныя прычыны, звяртаемся да супрацоўнікаў кампаніі Velcom, бо асноўная маса такіх “сістэмных збояў” адбываецца пры тэлефанаванні на нумары менавіта гэтага аператара сотавай сеткі:

- Усе гэтыя тэлефанаванні адбываюцца з нумара Velcom?
- Не, з польскага стацыянарнага нумару.
- У такім выпадку мы нічым не зможам вам дапамагчы, тым больш кампанія адказвае толькі за дазвон, а тое, што Вам адкажуць, за гэта кампанія не нясе адказнасці.

Спецыялісты камапніі TUT.BY, а таксама і сістэмныя адміністратары і інжынеры беларускай фірмы нагадалі, што некалі з мабільнай сеткай увогуле ўспыхнуў сапраўдны скандал, які, паводле словаў інжынера электронага парталу выглядаў наступным чынам:

- Яшчэ летам былі ў Інтэрнэце навіны пра тое, што карыстальнікі роўмінга, на Velcom, пры тэлефанаванні ў Беларусі, траплялі ў непрыемныя сітуацыі. Так, напрыклад, нехта яшчэ з-за мяжы перахопліваў тэлефанаванне і ўладальнік тэлефона потым плаціў даволі вялікія грошы. Такім чынам адбывалася тое, што званок трапляў невядома куды. Афіцыйна тады збоку кампаніі не было тады. А ў гэтым выпадку неяк тэхнічна мы не можам вам дапамагчы.

Дырэктар кампаніі “Надзейныя праграмы”, старшыня Савету TUT.BY Юры Зіссер таксама ўзгадаў пра вялізарныя кошты, якія раптоўна зніклі ў тых, хто па роўмінгу тэлефанаваў з-за мяжы ў Беларусь. У такіх варунках Рацыя адсачыла па раздрукоўках з тэлекамунікацыі кошт і правільнасць набраных нумароў.

Высветлілася, што ў справаздачы з польскага боку сітуацыя выглядае зусім нармальна. Нумары ў спісе абсалютна нармальныя, прынамсі менавіта такія, як і былі набраны, а кошты не перавышаюць тарыфаў. Таму відавочна, што з польскага боку немагчыма нейкае правапарушэнне і перахоп тэлефанаванняў.

Спадар Анджэй Паплаўскі, уладальнік тэлекамунікацыйнай фірмы, якая і  абслугоўвае тэлефоны ў Рацыі сказаў, што праведзеныя тэсты паказваюць на праблему, што існуе з беларускага боку, а не з польскага:

- Тут можна смела выключыць, што былі праблемы, зыходзячы з тэстаў і аналізаў відавочна, што ўсё было ў парадку. Сетка мабільных аператараў мае ахову, гэта ўсе ж тэлефанія лічбавая, а не аналагавая, тут складана генераваць і адшукаць тэлефанаванне з мабільніка. Відавочна, што тут  - дзейнасць трэціх асобаў. Гэта вельмі дзіўная сітуацыя, шчыра кажучы, упершыню сутыкаюся з гэтым, таму вельмі складана сказаць, што гэта ёсць на самой справе, хіба што толькі выказаць свае здагадкі….

Палітык Павал Севярынец не ставіць пад сумнеў прыналежнасць пэўных службаў да інцыдэнтаў. Мабільны аператар у гэтым выпадку зусім не пры чым.

- Забаўляюцца чэкісты, рабіць ім няма чаго. Магчыма гэта аўтаадказчык. Нейкі там разумнік знайшоўся, сядзеў за кампутарам, надаела яму гуляць у пасьянс, прыдумаў такую штуку. Гэта вельмі падобна на байцоў нябачнага фронту.

Упершыню журналісты Рацыі сутыкнуліся з такім пры тэлефанаваннях на Беларусь яшчэ на пачатку гэтага году. Тады ніхто не звярнуў на гэта ўвагі, бо выпадкі былі адзінкавыя, цяпер гэта перарастае ў сапраўдную сістэму. Цягам дня спробы датэлефанавацца да, напрыклад палітыка Міколы Статкевіча не ўвянчаліся поспехам, увесь час на ягоным тэлефоне адказвалі аўтаматы, з просьбай пачакаць.

“Аўтаматычная кабета”, як між сабой празвалі журналісты Рацыі гэты тэхнічны збой, адказвала і на нумары Міхала Пастухова, старшыні Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ, юрыст на гэты конт кажа наступнае:

- Канешне, нехта слухае размову і падключаецца да тэлефонаў, гэта цалкам магчыма ў нашых умовах. Увогуле, гэта звычайныя штучкі нашых спецслужбаў. Але вось даказаць гэта будзе надзвычай складана. Яны цалкам могуць спісаць гэта на нейкае супадзенне, на нейкую непаладку. Хутчэй за ўсё ідзе блакіроўка менавіта вашых тэлефонаў. З аднаго боку не даюць спалучацца тэлефоннай сувязі, з другога боку могуць пераключаць на іншы нумар, уводзіць памехі, перашкоды. Я мяркую, што гэтым займаюцца спецыяльна нейкія людзі. І калі яны бачаць, што ідзе тэлефанаванне з вашага тэлефона, могуць рабіць свае справы…

Вельмі часта "аўтаматычны голас" адказваў і на нумары старшыні АГП Анатоля Лябедзькі. Палітык адзначае, што не сутыкаўся з такім раней.

- Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што беларускія палітыкі яны найбольш транспарэнтныя, і іх дзейнасць абсалютна даступная, вядома пра кожны крок. Тое, што размовы праслухоўваюцца – напрыклад, друкавалі мае размовы з Барысам Нямцовым, так што чаму тут здзіўляцца? Дзе жывем і дзе працуем, мы добра ведаем. Так што гэты выпадак  - добрае пацверджанне таго сакрэта “палішанэля”, пра які і так усе ведаюць.

Падчас гучных адставак у сілавых ведамствах Беларусі, журналісты Рацыі спрабавалі скантактавацца з генерал-лейтынантам міліцыі, заслужаным юрыстам Беларусі Мячыславам Грыбом.

У той вечар адказала на ягоным тэлефоне “аўтаматычная кабета”.

Мячыслаў Іванавіч кажа пра гэта наступным чынам:

- Я тэлефанавання ад вас у той вечар не атрымаў, не бачыў, ён да мяне проста не дайшоў. А гэта значыць, што нехта кантралюе Вас і не пускае на пэўныя адрасы, у тым ліку і мой. Такім чынам вас блакуюць, няхай не на ўсе тэлефоны, і блакіроўка ўключаецца тады, калі нешта адбываецца. Увесь час яны мабыць не трымаюць блакіроўку, бо гэта вельмі дорага, не выгадна  Мне казалі, што зараз праслухоўваць мабільныя тэлефоны ніякай складанасці зусім няма, значна прасцей, чым праслухоўваць правадныя тэлефоны. А што да мабільных, то магчыма праслухоўванне як ўсіх тэлефонаў, так і выбарачна.

Былы начальнiк следчага iзалятара ГУУС Мiнгарвыканкама палкоўнiк Алег Алкаеў, які зараз знаходзіцца за мяжой і сам часам пры тэлефанаваннях на Беларусь сутыкаецца з незразумелымі адказамі незразумелых людзей,  кажа пра свае назіранні:

- Гэта ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё чалавека і парушэнне правоў чалавека. І любы суд павінен разглядзець такія справы і пакараць вінаватых. А як гэта атрымаецца ў Беларусі, і як гэта тэхнічна аформіць, мне складана сказаць. На жаль, сёння  наўрад ці магчыма нечага дабіцца, хіба што толькі з Нямеччыны патэлефануе Ангела Меркель, або яшчэ нехта і патрапіць на такі цуд. Увогуле, гэта не толькі з вамі бывае. У мяне тыя ж самыя праблемы, гэтак жа і маім родным з Беларусі надзвычай складана да мяне датэлефанавацца.

Дарэчы, падчас размоваў з рознымі экспертамі некаторыя падзяліліся сваімі меркаваннямі і ўзгадалі, што таксама часам пры тэлефанаванні з Польшчы ў Беларусь сутыкаліся з такім жа самым, што і цяпер журналісты Рацыі.

Былы супрацоўнік КДБ Валер Костка канстатуе, што гэта вельмі дзіўная сітуацыя. Тэхнічныя магчымасці цяпер як для зносін, так і для адсочвання размоваў, вельмі выраслі.

Спадар Валер кажа пра свае меркаванні:

- Тут два варыянты, або такая спецслужба, якую патрэбна разганяць, ці гэта нейкія іншыя, незвязаныя са спецслужбай тэхнічныя прычыны. Хаця, калі вы кажаце, што гэта частая з’ява, то значыць, што працуе нейкая сістэма. Што яны хочуць гэтым сказаць? Я проста не ведаю, хаця дакладна ўпэўнены, што гэтыя ж тэлефоны лёгка могуць праслухоўвацца.

Што і хто такім чынам хоча зрабіць – не зразумела. Канешне, калі б журналісты Беларусі знаходзіліся ў зусім іншых умовах, тады магчыма ўсё было б спісаць на пэўныя тэхнічныя праблемы, але сістэма, і перыядычнасць, з якімі здараюцца гэтыя праблемы наводзіць думку зусім на іншае.

Сяргей Скулавец. Радыё Рацыя.

Каментары

/ дадаць каментар /
Тэма:
Імя: *
Тэкст: *
Увядзіце код: *
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя