Карэспандэнт нашага радыё Барыс Гарэцкі пагутарыў з актывістам неафіцыйнага Саюзу палякаў на Беларусі, журналістам выдання «Gazety Wyborczej» Анджэям Пачобутам аб сітуацыі вакол арганізацыі і аб далейшых кроках.
Гарэцкі: - Спадар Анджэй, кропка ў справе польскага дому ў Івянцы амаль пастаўленая, які Ваш каментар да гэтай падзеі?
Пачобут: - Сённяшняе рашэнне суда чарговы раз пацвердзіла, што сябры СПБ і далей не могуць мець нейкія шансы на абарону сваіх правоў у судах Беларусі. На жаль, ніводны наш аргумент, ніводная нашая кропка гледжанне не была ўзятая да ўвагі.
Гарэцкі: - Учора Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю з нагоды ціску на польскіх актывістаў Беларусі. На Вашую думку, ці паўплывала гэтая рэзалюцыя на сённяшні працэс?
Пачобут: - Відавочна, што ўчорашняя рэзалюцыя Еўрапейскага парламента мела свой уплыў на сённяшні працэс. Калі мы раней ехалі на судовыя працэсы ў Валожын, нас затрымлівалі, то цяпер людзі спакойна даехалі да Мінска, нас пусцілі ў суд, мы маглі прысутнічаць на судзе. Зала была запоўненая сябрамі Саюзу палякаў, якія прыехалі з Гродна, Мінска, Ліды і гэтак далей. Людзі прыехалі пабачыць гэтае рашэнне і падтрымаць Тэрэзу Собаль з Івянца.
Гарэцкі: - Сённяшні разгляд прайшоў, на што актывісты Саюзу палякаў на Беларусі спадзяюцца цяпер і якія маюць планы?
Пачобут: - На жаль, гэтае рашэнне азначае, што дом у Івянцы ў нас забралі. Мы яшчэ будзем спрабаваць абскардзіць гэтае рашэнне, але вялікай надзеі ў нас няма. Разам з тым мы спадзяемся, што пачнецца перамоўны працэс і ў выніку перамоваў дамы польскія перастануць быць камерцыйнымі ўстановамі, якія дзейнічаюць на карысць пэўных людзей, а не на карысць польскай нацыянальнай меншасці.
Гутарыў Барыс Гарэцкі, Радыё Рацыя.






Каментары