Пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас пацвердзіў, факт запрашэння прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі на ўрачыстасці з нагоды 20-годдзя незалежнасці Літвыкі.
Самі ўрачыстасці запланаваныя на 11 сакавіка. На іх запрошаныя прэзідэнты краін-суседак Літвы, а таксама кіраўнікі шэрагу еўрапейскіх краін. Запрашэнне Лукашэнкі стала магчымым пасля таго, як беларуская пракуратура зрабіла крок насустрач расследванню справы генерала Усхопчыка, які кіраваў Вільнюскім гарнізонам падчас крывавых падзеяў студзеня 1991 года, калі ў Вільні былі растраляныя пратэстуючыя мірныя жыхары.
- Мы бачым, што ў справе Усхопчыка нашыя пракуратуры выйшлі на новы ўзровень узаемадзеяння. І на запыт нашай Генеральнай пракуратуры быў атрыманы адказ, быў дапытаны генерал Усхопчык, і ў Літву былі перасланыя дакументы гэтага допыту. Што менавіта ўтрымліваецца ў гэтых дакументах, я не ведаю. Але сам гэты факт быў пазітыўна ацэнены літоўскім бокам. Таму што на працягу шматлікіх гадоў беларускія ўлады наогул не жадалі гаварыць на гэтую тэму.
Аднак пры гэтым літоўскі дыпламат дадаў, што беларускі бок пакуль не паведаміў, ці паедзе Аляксандр Лукашэнка ў Вільню.
Апошні раз беларускі прэзідэнт наведваў сталіцу Літвы 16 верасня 2009 года, дзе прымаў удзел у працы беларуска-літоўскага эканамічнага форума. Тады жа адбылася сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Літвы, якая доўжылася каля дзвух гадзін.
Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск.






Каментары