Галоўны банк Беларусі зламаўся. Калі раней гэта была адна з найбольш прафесійных устаноў, то цяпер, на думку экспертаў, усе меры Нацбанка, скіраваныя на прадухіленне наступстваў фінансавага крызісу – эканамічная бязглуздзіца і праява непрафесіяналізму.
16 лістапада набыла моц пастанова Нацбанка №165, якая абмяжоўвае магчымасці набыцця замежнай валюты. Паводле законаў эканомікі і вопыту 1996 – 2001 гадоў, гэта мера непазбежна вядзе да дэфіцыту, росту цэн, памяншэння асартыменту тавараў, пагаршэння фінансавага становішча прадпрыемстваў. Ну а навошта тады галоўны банк краіны пайшоў па гэтым стратным шляху патлумачыў эканаміст Аляксандр Чубрык:
- Нацбанк увёў гэта не ад салодкага жыцця, а ад таго, што трэба нейкім чынам пазбегнуць дэфіцыту замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку і не дапусціць панікі насельніцтва з-за таго, што валюта знікне з абменных пунктаў, то бок зрабіць так, каб яна там была. І ў нас заўжды ў чацвертым квартале дэфіцыт вонкавага гандлю, і трэба каб імпартэры мелі магчымасць гэты імпарт набываць. Атрымліваецца, што патрэба ў стабільнасці ўнутранага валютнага рынку большая, чым магчымасць некаторых імпартэраў набываць валюту на ўнутраным рынку. Вось Нацбанк і выбраў з двух зол меншае.
Аднак эксперт не вітае такі выбар Нацбанка:
- Таму што проста спынецца імпарт некаторых тавараў, што адмоўна адаб'ецца і на бізнесе, і на людзях. А з другога боку, калі бізнес не спынецца і імпартэры знойдуць магчымасці набываць валюту, то з'явіцца ценевы валютны рынак.
Таму, лічыць Аляксандр Чубрык, неабходна як мага хутчэй адмяняць гэту пастанову і шукаць грошы, напрыклад, паспрабаваць усё ж такі дамовіцца з Міжнародным валютным фондам на даўно чаканыя 2 мільярды даляраў.
У сваю чаргу эканаміст Яраслаў Раманчук назваў магчымыя альтэрнатыўныя крокі:
- Гэта лібералізацыя, стабілізацыя эканомікі, прыватызацыя па празрыстых, зразумелых схемах. Прыватызацыя з удзелам беларускага капіталу, а не з удзелам, бандыцкага капіталу невядома якога паходжання. Гэта пасутнасці ўвядзенне паўнавартасных рынкавых механізмаў, якія забяспечылі, напрыклад, вельмі добры старт у новай будучыні Эстоніі, Галандыі, Новай Зеландыі, Чылі. Усе гэтыя досведы ёсць, а тое, што робіць беларуская ўлада, яшчэ горш, чым тое, што рабіў Гарбачоў у сярэдзіне 80-х гадоў.
Днямі кіраўнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў заявіў аб тым, што банкаўская сістэма Беларусі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу працуе стабільна і гэтага самага крызісу ў нас няма. Паводле эксперта, высновы яўна супярэчаць рэальнасці:
- Нацыянальны банк павінен рабіць добрую міну пры вельмі дрэннай гульні. Тыя меры, якія ўводзіць Нацбанк, дзеянні, якія робіць урад, скарачаючы на 5 трыльёнаў або на 4% ВУП выдаткі ўнутранага бюджэту, пры тым, што нічога не прадвяшчала каб яго змяняць пры прыняцці бюджэта на 2009 год, істэрыка, якая робіцца ва ўладах, у Адміністрацыі прэзідэнта і Савеце міністраў, і стан беларускіх прадпрыемстваў яскрава і адназначна сведчаць, што фінансавы і структурны крызіс у Беларусі ўжо ёсць.
На думку Яраслава Раманчука, у такой сітуацыі трэба ісці на радыкальныя меры:
- Патрабаваць адстаўкі людзей за іх некампетэнтнасць, непрафесіяналізм, за тое, што яны не могуць правільна зрабіць дыягностыку прычын крызісу і таму «лечаць» не з таго боку, калі ў чалавека гангрэна, а яму даюць аспірын. Безумоўна, можна гаварыць што крызісу няма і працэс выздараўлення ідзе, але сёння патрабуецца сістэмны падыход і патрэбна зусім іншая каардынацыя органаў дзяржаўнай улады.
Такім чынам, відавочна адно: беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісным стане, адзінае выйсце з якога – змена эканамічнай палітыкі і рынкавыя рэформы.
Наталля Якавенка, Радыё Рацыя, Менск







Каментары