Беларусь і Расія падпісалі мемарандум адносна ўмоў пастаўкі прадукцыі жывёльнага паходжання з Беларусі ў Расію і мемарандум у сферы кантролю за бяспекай імпартнай і экспартнай прадукцыі рыбалоўства і аквакультур. Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні Федэральнай службы па ветэрынарнаму і фітасанітарнаму нагляду (Рассельгаснагляд), размешчаным на яе афіцыйным сайце.
З беларускага боку дакументы падпісаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Міхаіл Савельеў, з расійскага - кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт.
Мэтай мемарандума па жывёлагадоўлі з'яўляецца ахова тэрыторыі Саюзнай дзяржавы ад заносу і распаўсюджвання небяспечных хвароб жывёлы пры ўзаемных пастаўках жывёлы і прадукцыі жывёлагадоўлі. Мемарандум прадугледжвае наладзіць двухбаковы аператыўны абмен інфармацыяй па выяўленню каранцінных ачагоў захворванняў і мерах па іх ліквідацыі.
"Пры спрыяльнай эпізаатычнай сітуацыі адказы на заяўкі на ўвоз і транзіт жывёл будуць выдавацца на працягу тыднёвага тэрміну пасля атрымання дакументаў, а іншых паднаглядных грузаў - на працягу 30 дзён", - гаворыцца ў паведамленні. Пастаўкі паднагляднай дзяржаўнаму ветэрынарнаму нагляду прадукцыі будуць праводзіцца з прадпрыемстваў, уключаных у спісы прадпрыемстваў, якія маюць права экспарту з Расіі ў Беларусь або з Беларусі ў Расію адпаведна.
Прадпрыемствы ўключаюцца ў такія спісы па выніках сумеснага іх інспектавання на магчымасць выканання імі ветэрынарна-санітарных патрабаванняў і норм краіны-імпарцёра. "Па ўзгадненню бакоў прадпрыемствы могуць уносіцца ў спісы і без сумеснага інспектавання, пад гарантыі ветэрынарнай службы краіны-экспарцёра, з магчымасцю сумеснага інспектавання ў далейшым", - паведамляецца ў Рассельгаснаглядзе. Калі ў рамках нагляду за прадпрыемствамі ветэрынарная служба краіны-экспарцёра высветліць, што тое або іншае прадпрыемства не выконвае адпаведныя патрабаванні краіны-імпарцёра, яна прыпыняе пастаўкі з гэтага прадпрыемства і паведамляе аб гэтым ветэрынарнай службе краіны-імпарцёра.
Пры выяўленні партый імпартаванай прадукцыі, неадпаведнай ветэрынарна-санітарным патрабаванням краіны-імпарцёра, адносна прадпрыемства - яе вытворцы - уводзяцца часовыя абмежаванні на далейшыя пастаўкі ім прадукцыі. Абмежаванні могуць быць адменены пры прадастаўленні ветэрынарнай службай краіны-пастаўшчыка пераканаўчых матэрыялаў па ўстараненню недахопаў, якія прывялі да выпуску небяспечнай прадукцыі, паведамляе БелаПАН.






Каментары