Беларусь наведае міністр энергетыкі і нафты Венесуэлы Рафаэль Рамірэс, які з'яўляецца таксама сустаршынёй сумеснай беларуска-венесуэльскай камісіі па супрацоўніцтве. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Беларусі Амерыка Дыяс Нуньес.
Візіт, мэта якога - практычнае вывучэнне дзеючых дамоўленасцей паміж Беларуссю і Венесуэлай, чакаецца ў бліжэйшыя дні. Плануецца падпісанне новых кантрактаў у сферы нафтаздабычы, асваення новых радовішчаў нафты. Будуць абмяркоўвацца і іншыя напрамкі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Венесуэлай.
Як адзначыў пасол, першая палавіна 2009 года ў двухбаковых адносінах характарызавалася некаторай няўстойлівасцю на фоне вельмі актыўных, якасных і колькасных паказчыкаў, якія былі ў Беларусі і Венесуэлы на працягу апошніх трох гадоў. За гэты перыяд Венесуэла імпартавала больш як тысячу трактароў, грузавых аўтамабіляў, дарожнай тэхнікі і абсталявання.
"Сёння мы пачынаем другую палавіну 2009 года з надзеяй надаць імпульс развіццю такіх прыярытэтных сфер, як прамысловасць, будаўніцтва, фінансавае супрацоўніцтва, здабыча нафты, газіфікацыя і горназдабыўная прамысловасць", - падкрэсліў дыпламат.
У гэтым годзе пасольства адкрыла ў Менску Лацінаамерыканскі культурны цэнтр імя Сімона Балівара, а таксама новы будынак пасольства, атрыманы ад беларускага ўрада ў адказ на перадачу будынка пасольству Беларусі ў Каракасе. Гэта ажыццёўлена ў адпаведнасці з пагадненнем паміж Беларуссю і Венесуэлай аб абмене нерухомай маёмасцю для размяшчэння пасольства, што з'яўляецца відавочным доказам ступені даверу і ўзроўню супрацоўніцтва, якія дасягнуты паміж дзвюма краінамі, рэзюмаваў пасол.
Тавараабарот Беларусі і Венесуэлы ў 2008 годзе павялічыўся на 298 працэнтаў у параўнанні з 2007 годам за кошт росту экспарту і склаў $173,3 млн. Беларускі экспарт павялічыўся больш як на 305 працэнтаў, дасягнуўшы $173,1 млн. Імпарт склаў $147 тыс. (знізіўся ў 6 разоў). Сальда для Беларусі склалася дадатнае ў памеры больш як $172 млн. У студзені-красавіку 2009 года беларускі экспарт у Венесуэлу ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года падвоіўся. Імпарт практычна адсутнічаў.
У 2007 годзе адкрыта і зарэгістравана прадстаўніцтва вытворчага аб'яднання "Беларуснафта". Створана беларуска-венесуэльскае сумеснае прадпрыемства па здабычы нафты на радовішчах Венесуэлы "Петралера БелаВенесалана". Дзейнічае таксама СП па сейсмаразведачных работах "Сісміка БелаВенесалана". У Венесуэле адкрыта прадстаўніцтва ААТ "Белгорхімпрам".
Акрамя таго, у Венесуэле зарэгістраваны СП з удзелам ВА "БелАЗ" - "Вен-БелАЗ Каміёнес С.А.", ВА "БелаўтаМАЗ" - "МАЗВен С.А.", ВА "МТЗ" - "ВенеМінск Тракторэс С.А.", паведамляе БЕЛТА.






Каментары